Карнялюк, В. Таямніца Глыбокага Кута (з гісторыі вызваленчага паўстання 1863 г. на Берасцейшчыне)/ В. Карнялюк/ Навукова—краязнаўчая каферэнцыя “Белавежжа:мінулае і сучаснасць”. – Брэст: Выдавецтва БрДзТУ, 2016. – С. 64-69.
Таямніца Глыбокага Кута
(з гісторыі вызваленчага паўстання 1863 г. на Берасцейшчыне)
У чарговых пошуках па вопісах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне нападкалася справа з фонду Канцэлярыі Гродзенскага губернатара, дзе ў назве згадвалася прозвішча “Карнялюк”. Натуральны інтарэс падштурхнуў замовіць яе. Гэта былі вынікі судовага справаводства, звязанага з падзеямі падаўлення вызваленчага мяцежу 1863 г. Назва архіўнай крыніцы гучала так: “Ваенна-следчая справа на ўдзельніка паўстання 1863 г. селяніна Брэсцкага павету Карнелюка. Пачата 26 студзеня 1864 г. Скончана 25 студзеня 1865 г.”
Родаснай сувязі з персанажам справы не знайшлося, але са зместу судовых папераў склалася карціна шэрагу драматычных лёсаў удзельнікаў паўстання з розных сацыяльных слаёў, аб’яднаных адзіным становішчам разбітых мяцежнікаў, якіх сабраў на пэўны момант гісторыі Глыбокі Кут – пружанская вёска на ўсходнім ўскрайку Белавежскай Пушчы.
Агульны змест падзей, пра якія сведчылі старонкі судовай справы быў наступны. Малады 17-гадовы селянін в. Атокі Фёдар Сямёнавіч Карнялюк, з часоваабавязаных, непісьменны, праваслаўнага веравызнання, зарабляючы на жыццё кучарам ў адстаўнога афіцэра, памешчыка Дзіконскага ў маёнтку Стрыгін Слонімскага павету, дабраахвотна здаўся рускім следчым службам, і падрабязна паведаміў ім пра ўсё, чыму быў сведакаю, і пра што чуў ў атрадзе паўстанцаў[5, Арк. 5 адв, 24]. Вядома, што гэта нярэдкі выпадак, таго гучнага грамадзянскага крывавага супрацьстання, перамяніўшага жыццё тысяч жыхароў і Беларусі, і Польшчы, і Літвы.
Справа гэтага селяніна вялася цягам году, за які назьбірала пяцьдзесят старонак з дэталёвымі экскурсамі ў штодзённасць паўстанцкага атраду. Месцам дыслакацыі гэтага атраду была белавежская вёска Глыбокі Кут. Самая назва населенага пункта быццам спецыяльна была выбрана для сховішча паўстанцаў. Загнаныя ў самыя нетры Пушчы, акружаныя, абкладзеныя бы ваўкі абапал вайскоўцамі і дзяржаўнымі расійскімі службамі, паўстанцы абмяркоўвалі пэўныя планы, арганізоўвалі сустрэчы і імкнуліся да далейшага супраціву.
Адместнасць зместу знойдзенай судовай справы была, яшчэ, у тым, што гэты непісьменны селянін меў даволі ўчэпістую памяць. Ён здолеў зафіксаваць ў сваёй галаве масу імёнаў невядомых, і нават небачных яму людзей з ліку розных паўстаўнцаў. І ўсе гэтыя звесткі пра жыццё паўстанцкага атраду юнак Фёдар у дэталях паведаміў берасцейскай ваенна-следчай камісі пры ваенным начальніку ўстановы па палітычных справах Брэст-Літоўска. І хаця ў Брэсце допыт для Фёдара быў не першым, бо зпачатку яго дапытвалі ў Пружанах, куды ён і прыйшоў з пакаяннем, звесткі свае ён у Брэсце чарговы раз цалкам паццвердзіў[5, Арк. 5 адв.].
Вядома, што дадзеныя атрыманыя ад селяніна Фёдара Карнелюка сталі падставаю для наступнага пераследу шэрагу людзей, згаданых перабежчыкам падчас яго допыту[5, Арк. 9-9адв.].
Агульны змест матэрылаў допытаў, як самога Фёдара, так і іншых персанажаў справы даволі цмяны, бо мае масу супярэчнасцяў і разыходжанняў. Сам Фёдар дэманстраваў сабе на допытах ахвяраю мяцежнікаў, якія, маўляў, пад пагрозамі павесіць, прымусілі яго даваць ім прысягу і ісці з німі ў лес[5, Арк. 24]. І са зброі ён, меў толькі што аднаствольную стрэльбу, якую яму ўручылі па прыходу ў атрад, і якую ён адразу жа пакінуў у Глыбокім Куце, пасля разгрому паўстанцаў[5, Арк. 25].
Адбылася першая сустрэча Ф. Карнелюка з паўстанцамі быццам бы ля в. Чэрнікава. Пагадзіўшыся на ціск паўстанцаў, Фёдар апынуўся ў атрадзе, які сам на допыце ўвесь час паслужліва называў “шайкаю”. Атрад, ўвесь час знаходжання Фёдара ў ім, быў у руху. Таму Фёдар, па яго ж словах, з іншымі паўстанцамі зрабіў рэйд у в. Жытлін Слонімскага павету, далей рушыў пад Пінск, у мястэчка М. Тэлеханы, далей, месцам прыпынку атрада стаў маёнтак князя Грабоўскага. Нарэшце паўстанцы трапілі ў Глыбокі Кут, у Пушчу. Менавіта там, у гэтай пушчанскай вёсцы паўстанцы і заставаліся да разгрому іх рускімі вайскоўцамі.
Мы ўжо згадвалі, што памяць Фёдара ўтрымала шмат імёнаў самых розных людзей, пра якіх ян ці чуў, ці бачыў у атрадзе. Сярод ніх былі Ануфры Духінскі, камандзір паўстанцаў, атрад якога складаў каля 500 чалавек, Фелікс Адам Ян Влодэк – памешчык Пружанскага павету, маёнтка Кабакі і маёнтка Матыкалы Брэсцкага павету, які таксама сфармаваў уласны атрад агульнай колькасццю да 300 чалавек [7, с. 77, 353, 10, с. 82]. Таксама Фёдар Карнялюк згадаў сярод кіраўнікоў знакамітага В. Урублеўскага і вядомага начальніка Слонімскага павету часоў паўстання, маёнткаў Ржэпнічэ і Сератоўшчызна І. Стравінскага (Млотэка), а, таксама, Калупайлу – памешчыка Ваўкавыскага павету[5. Арк. 24 адв., 10. с. 82]. Паказальна, што селянін аперыруе ў сваім апавяданні следчым асобамі, якіх хутчэй за ўсё не бачыў на ўласныя вочы, а толькі мог чуць пра ніх, бо дзейнічала частка з ніх у розных месцаў тэрыторыі паўстання [9, с. 198].
Пытанне кіраўніцтва пружанскім атрадам паўстанцаў, які дыслацыраваўся ў Глыбокім Куце, клапаціла розныя следчыя павятовыя камісіі, што па чарзе ўключаліся на працягу года ў гэтую судовую справу. Па словах селяніна такімі кіраўнікамі былі літаральна ўсе вядомыя яму палявыя камандзіры. “Камандавалі нашаю шайкаю папераменна наступныя асобы: Влодэк, Духінскі, Урублеўскі, Стравінскі, Калупайла”, - чытаем мы адзін з запісаў допыту Фёдара Карнелюка[5, Арк. 24 адв]. У другі месцы запісаў допыту мы маем наступны сказ: “Кобрынскаю, Пружанскаю, Ваўкавысскаю і Слонімскаю шайкамі камандавалі папераменна: Влодэк, Духінскі, Урублеўскі, Стравінскі і Калупайла. Яшчэ адзін, якога прозвішча не памятаю і Урублеўскі, які апошні быў старэйшы…”[5. Арк. 25]. Сам Фёдар Карнялюк быў у атрадзе, калі на яго чале стаяў В. Урублеўскі. Блытаны змест апавяданняў панскага кучара ў пэўнай ступені зразумелы, бо ніхто, вядома, не далучаў шэрагавага парабка да працэсу кіравання паўстанцкім падраздзяленнем.
Апавядаючы пра атрад паўстанцаў, Фёдар адзначыў рэгулянае забеспячэнне паўстанцаў харчаваннем, і нават гатовым абедам, бялізнай, абуткам, свойскай жывёлай[5, Арк. 25 адв., 26 адв.,]. Гэтым займаліся, з яго прыкладаў, прадстаўнікі і сялянскага, і шляхецкага і духоўнага паходжання.
Галоўным фігурантам справы з вуснаў Фёдара становіцца 45-гадовы тытулярны дарадца Медард Феліксавіч Скачынскі, каталік і памешчык маёнтка Галены Пружанскага павету, якім кіраваў разам са сваім братам. Дарэчы, яго імя няма на старонках найноўшага даведачнага выдання Дз. Мацвейчыка, што толькі сведчыць пра неабсяжнасць тэмы гісторыі паўстання 1863 г.[3]. Актыўнасць М.Ф. Скачынскага ў дапамозе мяцежнікам згадвалася ў справе неаднаразова. Уздагон допытаў Фёдара Карнелюка, ужо Гродзенская следчая камісія па палітычных справах правяла допыт гэтага памешчыка. Са слоў Фёдара, менавіта Скачынскі дастаўляў у Глыбокі Кут харчаванне, у тым ліку – цукар, папіросы, масла, сыр, а таксама боты і сукенкі. Вядома, што ад абвінавачванняў ў дастаўцы зброі паўстанцам, сам Скачынскі катэгарычна адмовіўся, хаця Фёдар Карнялюк пра пастаўку зброі Скачынскім кажа, як пра адзінаразавы, яму вядомы, выпадак [5, Арк. 30-30 адв., 26 адв.]. Але пра такую актыўнасць М. Ф. Скачынскага можна даведацца яшчэ з адной крыніцы, блізкай па зместу той, якую мы аналізуем. Гэта “Паказанні селяніна маёнтка Зельзін Ваўкавысскага павету К.А. Кавальскага пружанскаму ваеннаму начальніку маёру Крэмеру пра забяспячэнне паўстанцкіх атрадаў Урублеўскага і Млотка (Стравінскага) зброяй і харчаваннем. Ад 11 верасня 1863 г.”[7, с. 383]. Паводле звестак Ксаверыя Антонавіча Кавальскага, ён - 17-гадовы непісьменны каталік, лёкай памешчыка Станіслава Брандта, “знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Ваўкавыскага павета пад камандваннем Млотэка. А харчаванне ў атрад, у час, калі той дыслацыраваўся ў Глыбокім Куце, атрымліваў ад памешчыкаў Казерацкага і Скачынскага. Памешчык жа Скачынскі, па словах К.А. Кавальскага акрамя дастаўкі харчавання, даставіў у “шайку” 15 штуцэрных стрэльбаў са штыкамі”[7, с. 384]. Паколькі вядома, што былі пакараны пазней за ўдзел у паўстанні, як М.Ф. Скачынскі, так і яго сын Аляксандр., а ў судовых справах нярэдка згадваецца толькі прозвішча “Скачынскі”, без удакладнення імёнаў, можна меркаваць, што забяспячэннем паўстанцаў займаліся абодва Скачынскія. Зразумела, што гэтая гіпотыза патрабуе пошуку дадатковых крыніц.
Заблытанасць звестак Фёдара Карнелюка паццвярджаюць розныя допісы павятовых чыноўнікаў, якія ўздагон атрыманых ад селяніна фактаў спрабавалі дадаваць дадатковую інфармацыю пра фігурантаў судовай справы. Ігуменскі воінскі начальнік інфармаваў следчую камісію аб тым, што граф Грабоўскі, па яго звестках, ў паўстанні не прыймаў удзел і ўсе словы пра такі ўдзел можна разглядаць як плёткі і абгавор паважанага памешчыка. Пра адсутнасць сувязі з паўстанцамі паведамляў таксама Слонімскі ваенны начальнік, які, маўляў, правёў мэтанакіраванае дазнанне сярод леснікоў маёнтка Крочы [5, Арк. 24]. Але такая супярэчлівасць інфармацыі яшчэ больш падштурхоўвае да мэтанакіраванага далейшага вывучэнні гісторыі гэтага атраду.
Са слоў жа Фёдара Карнелюка атрымлівался, што харчаванне атрымлівалі паўстанцы не толькі ад памешчыка Скачынскага, так і ад Івана Жэдзя. Палясоўшчык Белавежскай Пушчы, з маёнтка Карочы каля Жытліна І. Жэдзь, жыў у лесе, ў 4-х вястах ад Глыбокага разам з братам Вікенціем [5, Арк. 7, 25 адв., 48]. Ён, па звестках Ф. Карнелюка не толькі забяспечваў неабходным харчаваннем – у тым ліку гарэлкай, салам, маслам, сырам, кілбасамі і венжанінай, за што атрымліваў грошы – 75 рублёў, але і інфармаваў паўстанцаў пра перамяшканне царскіх войскаў. Выконваў І. Жэдзь для паўстанцаў і паслугі правадніка па пушчанскіх лясах. Дарэчы, пра гэтага персанажа судовай справы Пружанскі воінскі начальнік пісаў у следчую камісію Брэст-Літоўска,: “палясоўшчыка Белавежскай Пушчы Іван па прозвішчу Жэдзь…, па праведзенаму мясцоваму дазнанню, ніхто з сялян не агаварыў ў ягоных стасунках з мяцежнікамі”[5, Арк. 24].
Дапамагалі паўстанцам таксама і іншыя мясцовыяя сяляне з самога Глыбокага Кута. Яны прыносілі гатовую ежу. Паколькі забяспячэнне хараваннем было неабходнай прадумоваю працяглага знаходжання ў глыбі Пушчы, а дапамога з боку сялян і памешчыкаў была эпізадычнай, таму, па словах Фёдара Карнелюка у атрадзе было створана падраздзеленне на чале з юнкерам Слабушэвічам для мэтанакіраванага набыцця харчавання ў мясцовага насельніцтва.
Калі казаць пра пытанне павялічэння колькасці паўстанцаў, то тут Фёдар Карнялюк згадывае вербоўшчыкамі людзей з ліку камандзіраў атраду – В. Урублеўскага, Ф. Влодэка (ён жа - Здыхоўскі, хаця Фёдар Карнялюк згадвае гэтае прозвішча як адметную асобу), А. Духінскага, Калупайла, Й. Стравінскага. Збіральнікам грошаў для атраду быў, па словах Ф. Карнелюка – былы кіраўнік атраду Влодэк, які займаўся гэтай надзвычай рызыковай справай разам са сваім ад’ютантам[5, Арк. 26 адв.].
Акрамя акрэсленых пытанняў арганізацыі дзейнасці паўстанцкага атраду. перабежчык-селянін паведаміў расійскім следчым пра некалькі карных дзеянняў мяцежнікаў. Адное было звязана з пакараннямі адстаўнога салдата і старшыні в. Пузыкі Слонімскага павету. Гэтых вайскоўцаў павесілі па загаду Влодэка, і Фёдар запомніў прозвішча аднаго з карнікаў. Яго звалі Юзаф Чарнецкі, і быў ён са шклозавода Гута. Другі ўчынак, па словах Фёдара Карнелюка быў звязан са здекваннем над святаром в. Жытліна, якому, зноў жа, як сцвярджаў наш падследчы, па загаду Влодэка астыглі валасы і абрылі бараду. Прыкладам гвалту са слоў Фёдара, быў і выпадак знішчэння паўстанцамі ўсёй свойскай жывёлы ў аднаго з вёсковых старшыняў ля Пінску[5, Арк. 26 адв.-27].
Згадваючы пра самых розных людзей, якіх здолеў запомніць, Фёдар Карнялюк разам назваў 24 чалавекі, так ці інакш звязаны з пружанскім атрадам, які знаходзіўся ў Глыбокім Куце. Акрамя ўжо згаданых, гэта былі “два ксяндзы, адзін з якіх – Слонімскі, два браты Здхехоўскія і яшчэ тры чалавекі з іх жа маёнтку Блудні, нейкія Высоцкі і Андройнековіч з Картуз Бярозы, кучар ляснічага Слонімскага павету Андрэй, яшчэ два ямшчыка з Картуз Бярозы, аднаго з якіх звалі Гаўрыла, Ян і Трафім – ямшчыкі з са Свадбішча[5, Арк. 25]. Нават такія ўрывачныя звесткі былі дадатковай аператыўнай інфармацыяй для расійскіх следчых, і пацягнулі чараду наступных росшуках і судовых спраў.
Наступствы паўстання, якое сабрала ў клубок тысячы людскіх лёсаў, раскінуўшы іх потым па самых розных кірунках, большасць з каторых было шляхамі выпрбавання і нішчэння. Перакручанасць паўстанцкіх лёсаў, якіх на імгненне гісторыі з’яднала пушчанская вёска Глыбокі Кут, з аднаго боку выступае дадатковым сведчаннем непрадказальнасці самога жыцця, а з другога ілюструе тую наканаванасць лёсу моцных духам людзей,. І гэтая наканаванасць можа і ёсць тым самым чалавечым шчасцем, калі ў гэтым разуменні найперш бачыць насычанасць жыцця адданага людзям. Бо, па-большасці, іншыя сярод паўстанцаў не трапляліся. Выключэннямі, пэўна можна лічыць такіх як той жа Фёдар Сямёнавіч Карнялюк, зблытаны, збіты зпанталыку малады чалавек. Толькі і ён, нягледзячы на свае ўцёкі, і свой падрабязны аповяд пра знаходжанне сярод паўстанцаў, не пазбег пакарання.
Што да спалучэння жыццёвай непрадказальнасці і наканавасці, то тут варта звярнуць увагу на, па-свойму нярэдкі, паварот жыццёвага шляху Медарда Феліксавіча Скачынскага. Гэты памешчык, за сваю, неаднаразова паццверджаную сведкамі, актыўнасць у падтрымцы паўстанцаў быў пакараны высылкаю на катаржныя работы ў сяленне Ўсолле Іркуцкай губерні. Таксама быў пакараны і яго сын – Аляксандр Медардавіч Скачынскі, які трапіў на вечнае пасяленне ў Якуцкую вобласць, сяленне Олёкма[2].
Жыццё Скачынскіх у сібірскай старонцы патрабуе большага высвятлення, і для гэтага пошуку ёсць немалая надзея. Яна звязана з тым, што ўнукам гэтага пружанскага памешчыка быў Аляксандр Аляксандравіч Скачынскі (1874-1960) – знакаміты вучноны, буйны расійскі і савецкі дзеяч горнай справы. Менавіта гэты ўнук, М.Ф. Скачынскага, які стаяў ля вытокаў савецкай горна-інжанернай справы і быў будаўніком Маскоўскага метрапалітэну, які атрымаў, сярод іншага, званне Героя Сацыялістычнай Працы, 5 ордэнаў Леніна і медаль “За абарону Масквы”, з’яўляецца сведчаннем неверагоднага лёсу паўстанцкай сям’і, не зламанай выпрабаваннямі, захаваўшай стрыжні выхавання, і маючай працяг у выбітнай, жыццядзейнасці нашчадкаў пушчанскіх паўстанцаў.
Пра А.А. Скачынскага існуе немалая літаратура[1,2,4,6]. Яго імя мае Інстытут горнай справы ў Люберцах, у назве адной з найвялікшых шахт у свеце на Данбасе, у назвах вуліц у падмаскоўным Клімаўске і ў якуцкім Алекмінске. У 138-й краснаярскай школе дзейнічае музей А.А. Скачынскага. Ці магло такое ўмясціцца ў галаву яго дзеда і бацькі, якія хаваючыся ад расійскіх жандараў і вайскоўцаў, цішком прывозілі ў Пушчу неабходныя для паўстанцаў рэчы? Зразумела – не. Але, напэўна, вядучым матывам і старога Скачынскага, і бацькі А.А. Скачынскага былі думкі пра добры лёс сваіх нашчадкаў. Менавіта дзеля іх яны рызыкавалі сваім жыццём і дабрабытам і страцілі гэты маёмасны скарб пасля таго, як іх паўстанне засталося ў гісторыі мяцяжом. Аднак па тым урывачным звесткам, якія апублікаваны пра ранейшае жыццё А.А. Скачынскага, Скачынскія ў далёкай Сібіры, не страцілі жыццёвага стрыжня і веры ў будучыню. Мы ведаем, што бацькі А.А. Скачынскага “распавядалі дзецям пра іх бацькаўшчыну, пачыталі польскія звычаі” і гэтыя дзеці “выхоўваліся як у рускай, так і ў польскай культурах”. Малады А.А. Скачынскі дэкламаваў А. Міцкевіча, а гасцямі гэтай сям’і нярэдка былі другія ссыльнапасяленцы з ліку паўстанцаў[2]. Можна толькі ўяўляяць тую атмасферу сямейных гутарак, у якой рос будучы выбітны савецкі інжанер і навукоўца. Дарэчы, як раз гэты аспект біяграфіі А.А. Скачынскага таксама патрабуе дададковага вывучэння. Сямейная памяць – выключны фактар станаўлення яго асобы, і пры спецыяльным вывучэнне архіва А.А. Скачынскага, яго сямейнай перапіскі, можна спадзявацца на новыя дзеталі, якія здольныя паказаць непарыўную сувязь паміж падзеямі ў Глыбокім Куце 1863 года і поглядамі савецкага навуковага дзеяча і арганізатара горнай навукі. Бо вядома, што нішто не знікае без следу.
А сучасная вёска Глыбокі Кут у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, як і шэраг іншых населеных пунктаў і мясцін нашай краіны, можа стаць прывабным месцам прыпынку ў вандраваннях аматараў беларускай мінушчыны, складзенай з немалай колькасці неверагодна цяжкіх, нават трагічных, але “прыгожа пражытых жыццяў” нашых суайчыннікаў.
Лидин, Г.Д. Александр Александрович Скочинский 1874-1960./ Г.Д. Лидин. – М., 1969.
Манюкова, А. К. Альфочка Скочинского - Інфармацыйны рэсурс – Мемориал Красноярск. 2008. – Рэжым доступу- http://www.memorial.krsk.ru/Work/Konkurs/10/Manyukova/0.htm. Дата доступу:21.11.2016.
Мацвейчык, Дз. Удзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў : біяграфічны слоўнік : (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Д. Ч. Матвейчык. — Мінск : Беларусь, 2016. — 735 с.
Мельников, Н.В. Выдающиеся деятели горной науки./ Н.В. Мельников – М.,1965.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі г. Гродна Ф. 1, Воп. 34. Адз. Зах. 1640.
Ненина, А. Скочинский Александр Александрович – Інфарармацыйны рэсурс «Мой Красноярск. Народная энциклопедия» 2005-2016. Рэжым доступу – http://region.krasu.ru/node/205. Дата доступу - 24.11. 2016.
Революционный подъём 1861-1862 гг. в Литве и Беларуси. – М: Наука, 1964.
Русско-польские революционные связи/ Т. ІІ. – М. Изд.АН СССР, 1962.
Швед, В. Слонімскі павет у паўстанні 1863 г./В.Швед. – Слонімшчына вачыма навукоўцаў і краяўнаўца: Матэрыялы рэгіянальнай гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 750-годдзю горада Слоніма і 70-годдзю заснавання Слонімскага районнага краязнаўчага музея ім. І.І. Стаброўскага. – Слонім: Слонім. Друе.. 2002. – 392 с.
Хурсік, В.У. Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 гг.: Гістарычны нарыс і спісы./А.У. Хурсік. – Мінск:Пейто, 2001. – 132 с.
